Чын Заручын і Вянчання

Чын заручын

Пасля Бажэственнай літургіі свяшчэннік стаіць у храме, а маладыя стаяць перад святымі дзвярамі: жаніх справа, а нявеста злева. Іхнія два персцені, залаты і сярэбраны, ляжаць на правым баку святога прастола, адзін каля другога, сярэбраны справа, а залты злева. Свяшчэннік благаслаўляе галовы маладых тройчы і дае ім запаленыя свечкі; увёўшы іх у храм, ён кадзіць крыжападобна, а дыякан прамаўляе:

Дыякан: Благаславі, уладыка.

Іерэй: Благаславёны Бог наш заўжды, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Вялікая екцення

Дыякан: У мíры Госпаду памолімся.

За мір з вышынь і спасенне душ нашых Госпаду памолімся

За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з’яднанне ўсіх Госпаду памолімся.

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.

За вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха [імя] і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта [імя] [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], шаноўнае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.

За раба Божага (імя) і рабу Божую (імя), якія цяпер заручаюцца адно з адным, і за спасенне іх Госпаду памолімся.

Каб дадзены былí ім дзеці для прадаўжэння роду і ўсё, чаго яны для спасення просяць, Госпаду памолімся.

Каб паслана ім была любоў дасканалая, мірная і дапамога, Госпаду памолімся.

Каб захаваліся яны ў аднадумнасці і цвёрдай веры, Госпаду памолімся.

Каб яны былí благаславёныя ў беззаганным жыцці, Госпаду памолімся.

Каб Гасподзь Бог наш дараваў ім шлюб шанаваны і ложа неапаганенае, Госпаду памолімся.

Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.

Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і усё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзі.

Іерэй: Бо належыць Табе усякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

І прамаўляе свяшчэннік малітву голасна:

Божа вечны, Ты сабраў у яднанне разлучаных, і ўстанавіў для іх непарушны саюз любові; Ты благаславіў Ісаака і Рэвеку і ўчыніў іх спадкаемцамі Твайго абяцання; Сам благаславі і гэтых рабоў Тваіх  (імя і імя), настаўляючы іх на ўсякую добрую справу.

Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Іерэй: Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Галовы вашы перад Госпадам схілíце.

Хор: Табе, Госпадзі.

Іерэй: Госпадзі, Божа наш, Ты некалі з народаў Царкву, як дзеву чыстую, заручыў з Сабою. Благаславі і гэтыя заручыны, з’яднай і захавай рабоў Тваіх у міры і аднадумнасці.

Бо належыць Табе усякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Свяшчэннік, узяўшы персцені, дае спачатку жані ху залаты, а потым сярэбраны нявесце. І прамаўляе да жаніха:

Заручаецца раб Божы (імя) з рабою Божаю (імя) у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь.

Потым прамаўляе да нявесты:

Заручаецца раба Божая (імя) з рабом Божым (імя) у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь.

І калі прамаўляе над кожным з іх тройчы, учыняе крыж персценем над галовамі іх, і надзявае персцень на палец правай рукі кожнага з іх. Потым успрымальнік пераменьвае іхнія персцені.

Іерэй: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі, памілуй.

Іерэй:

Госпадзі, Божа наш, ты спадарожнічаў слузе патрыярха Аўраама ў Месапатаміі, пасланаму туды, каб высватаць жонку для пана яго Ісаака, і праз чэрпанне вады адкрыў яму, што трэба заручыць Рэвеку; Сам благаславі і заручыны рабоў Тваіх, гэтага (імя) і гэтай (імя) і ўмацуй іхнюю дамоўленасць; ўмацуй іх святым Тваім яднаннем; бо Ты ад пачатку стварыў мужчынскі пол і жаночы, і Ты яднаеш з мужам жонку для дапамогі і прадаўжэння чалавечага роду. Таму Ты Сам, Госпадзі Божа наш, Які паслаў ісціну ў спадчыну Тваю і абяцанне Тваё рабам Тваім, айцам нашым, выбраннікам Тваім з роду ў род; спаглянь на раба Твайго (імя) і на рабу Тваю (імя) і ўмацуй заручыны іх у веры, і аднадумнасці, і ісціне, і любові; бо Ты, Госпадзі, паказаў устанаўленне заручын і зацвярджэнне ўсяго. Праз персцень была дадзена ўлада Іосіфу ў Егіпце; праз персцень праславіўся Данііл у краіне Вавілонскай; праз персцень выявілася ісціна Фамары; праз персцень Айцец наш Нябесны праявіў шчодрасць да сына Свайго: надзеньце – кажа, – персцень на правую руку яго і, зарэзаўшы ўкормленае цяля, будзем есці і весяліцца. Сама правая рука Твая, Госпадзі, узброіла Маісея ў Чырвоным моры, бо словам Тваім ісцінным нябёсы ўмацаваліся і зямля заснавалася, і правая рука рабоў Тваіх благаславіцца словам Тваім магутным і сілаю Тваёю высокаю. Таму Ты Сам, Уладару, і цяпер благаславі гэтае надзяванне персценяў благаславеннем нябесным: і ангел Твой няхай ідзе перад імі ва ўсе дні жыцця іх.

Бо Ты благаслаўляеш і асвячаеш усё, і Табе мы  славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

І адразу дыякан прамаўляе екценню:

Патроеная екцення

Дыякан: Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй, молімся Табе, выслухай і памілуй.

Хор: Госпадзі, памілуй (тройчы).

Дыякан: Яшчэ молімся за вялікага Спадара і Айца нашага Свяцейшага патрыярха [імя] і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта [імя]  [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)],  і за ўсю ў Хрысце брацію нашу.

Яшчэ молімся за Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе,  каб нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю.

Яшчэ молімся за рабоў Божых (імя) і (імя), якія заручаюцца адно з адным.

Яшчэ молімся за ўсю брацію і за ўсіх хрысціян.

Іерэй: Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог і Табе мы славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

І адпуст.

Чын вянчання

Калі яны хочуць у той жа час вянчацца, то ўваходзяць у храм з запаленымі свечкамі, ідучы за свяшчэннікам з кадзілам, які спявае псалом 127. Людзі пры гэтым на кожны верш спяваюць: “Слава Табе, Божа наш, слава Табе”.

Іерэй: Блажэнны ўсе, якія баяцца Госпада.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Тыя, што ходзяць шляхамі Яго.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Плады працы тваёй спажываць будзеш.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Блажэнны ты, і дабро табе будзе.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Жонка твая, як пладавітая вінаградная лаза,  у доме тваім.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Сыны твае, як аліўкавыя саджанцы, за сталом тваім.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Вось так будзе благаславёны чалавек, які баіцца Госпада.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: Благаславіць цябе Гасподзь з Сіёна, і ўбачыш ты дабрабыт Іерусаліма ва ўсе дні жыцця твайго.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Іерэй: І ўбачыш ты сыноў у тваіх сыноў. Мір Ізраілю.

Хор: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Потым прамаўляе іерэй павучальныя словы, тлумачачы ім, у чым сутнасць шлюбу і як у шлюбе богаўгодна і дастойна яны павінны жыць.

Кончыўшы слова, пытае іерэй жаніха, кажучы:

Ці маеш ты, (імя), жаданне шчырае і нявымушанае і цвёрды намер узяць сабе за жонку гэтую (імя), якую тут перад сабою бачыш?

Жаніх адказвае:

Жаніх: Маю, шаноўны ойча.

Іерэй пытае зноў:

Іерэй: Ці не ябяцаў ты іншай дзяўчыне ажаніцца з ёю?

Жаніх: Не абяцаў, шаноўны ойча.

І тады іерэй, звяртаючыся да нявесты, пытае яе, кажучы:

Ці маеш ты жаданне шчырае і нявымушанае, і цвёрды намер узяць сабе за мужа гэтага (імя), якога тут перад сабою бачыш?

Нявеста адказвае:

Нявеста: Маю, шаноўны ойча.

Іерэй пытае зноў:

Іерэй: Ці не абяцала ты іншаму чалавеку выйсці за яго замуж?

Нявеста адказвае:

Нявеста: Не абяцала, шаноўны ойча.

Дыякан: Благаславі, уладыка.

Іерэй: Благаславёна Царства Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Вялікая екцення

Дыякан: У міры Госпаду памолімся.

За мір з вышынь і спасенне душ нашых Госпаду памолімся

За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з’яднанне ўсіх Госпаду памолімся.

За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.

За вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха [імя] і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта [імя] [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], шаноўнае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.

За рабоў Божых (імя і імя), якія цяпер яднаюцца адно з адным у супольнасці шлюбу, і за спасенне іх Госпаду памолімся.

Каб благаславёным быў гэты шлюб, як той, што ў Кане Галілейскай, Госпаду памолімся.

Каб дадзены ім былі цнатлівасць і плод улоння на дабро, Госпаду памолімся.

Каб узрадаваліся яны, бачачы сыноў і дачок, Госпаду памолімся.

Каб дадзена было ім зведаць шчасце ў дзецях і  жыццё бездакорнае, Госпаду памолімся.

Каб дадзена было ім і нам усё, што для спасення мы просім, Госпаду памолімся.

Каб пазбавіцца ім і нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.

Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і усё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзі.

Іерэй: Бо належыць Табе усякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі памілуй.

Свяшчэннік прамаўляе малітву гэтую голасна:

Божа Прачысты і ўсяго стварэння Творца, Ты з прычыны Твайго чалавекалюбства з рабра праайца Адама стварыў жанчыну і благаславіў іх, і сказаў: пладзіцеся і размнажайцеся, і валодайце зямлёю, і іх абоіх з’яднаў у адно; таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і злучыцца з жонкаю сваёю, і будуць двое адной плоццю; і што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае. Ты раба Твайго Аўраама благаславіў і, адкрыўшы ўлонне Сарры, учыніў яго айцом многіх народаў; Ты дараваў Ісаака Равецы і патомства яе благаславіў; Ты Іакава з Рахіллю з’яднаў, і ад яго явіў  дванаццаць патрыярхаў; Ты Іосіфа і Асенефу злучыў, і як плод дзетараджэння дараваў ім Яфрэма і Манасію; Ты прыняў Захарыю і Елісавету і Прадцечаю ўчыніў іхняга сына; Ты з кораня Іесеевага па плоці вырасціў Вечнадзеву, і ад Яе ўцялесніўся і нарадзіўся для спасення роду чалавечага; Ты па невымоўнаму Твайму дару і вялікай добрасці прыйшоў у Кану Галілейскую і там шлюб благаславіў, каб паказаць, што Твая воля ў тым, каб быў законны сямейны саюз і ў ім дзетараджэнне; Ты Сам, Уладару Прасвяты, прымі маленне наша, рабоў Тваіх, і як там, так і тут яві нябачнае Тваё заступніцтва, благаславі шлюб гэты і дай рабам Тваім гэтым (імя) і (імя) жыццё мірнае, даўгалецце, цнатлівасць, узаемную любоў у саюзе міру, патомства даўгавечнае, радасць у дзецях, неўвядальны вянец славы. Спадобі іх бачыць дзяцей сваіх дзяцей, саюз іхні ад нападаў ахавай і дай ім ад расы нябеснай з вышыні, і ад туку зямнога; напоўні харомы іх пшаніцай, віном і алеем і ўсялякім дабром, каб яны з гэтага падавалі і тым, хто ў нястачы, падай і тым, што з імі разам, ўсё, што яны просяць для спасення.

Бо Ты Бог міласці, і шчодрасці, і чалавекалюбства, і Табе мы славу ўзносім, з Беспачатным Тваім Айцом, і Прасвятым і Добрым і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі памілуй.

Іерэй прамаўляе гэтую малітву голасна:

Благаславёны Ты, Госпадзі, Божа наш, таямнíчага і чыстага шлюбу Свяшчэнназдзяйснíцель і цялеснага Заканадавец, нятлення Ахоўнік, жыцёвых спраў добры Упраўнік; Ты Сам, Уладару, на пачатку стварыў чалавека і паставіў яго царом над усім стварэннем, і сказаў: “Нядобра быць чалавеку аднаму на зямлі, створым яму памочніка, адпаведнага яму.” І, узяўшы адно з рэбраў яго, стварыў жанчыну,  убачыўшы якую, Адам сказаў: ”Яна –  косць ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй, яна назавецца жонкаю, бо ўзята ад мужа свайго.” Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёю і будуць двое адной плоццю; і што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае. І цяпер, Уладару Госпадзі Божа наш, Ты Сам пашлі благадаць Тваю нябесную на рабоў Тваіх гэтых (імя) і (імя) і дай рабе Тваёй гэтай ва ўсім падпарадкоўвацца мужу, а рабу твайму гэтаму быць галавою жонкі, каб яны жылí паводле волі Тваёй. Благаславі іх, Госпадзі Божа наш, як Ты благаславіў Аўраама і Сарру; благаславі іх, Госпадзі Божа наш, як Ты благаславіў Ісаака і Рэвеку; благаславі іх, Госпадзі Божа наш, як Ты благаславіў Іакава і ўсіх патрыярхаў; благаславі іх, Госпадзі Божа наш, як Ты благаславіў Іосіфа і Асенефу; благаславі іх, Госпадзі Божа наш, як Ты благаславіў Маісея і Сепфору; благаславі іх, Божа наш, як Ты благаславіў Іаакіма і Анну; благаславі іх, Госпадзі Божа наш, як Ты благаславіў Захарыю і Елісавету. Захавай іх, Госпадзі Божа наш, як Ты захаваў Ноя ў каўчэзе; захавай іх, Госпадзі Божа наш, як Ты захаваў Іону ў чэраве кіта; захавай іх, Госпадзі Божа наш, як Ты захаваў трох святых юнакоў ад агню, паслаўшы ім расу з неба, і няхай прыйдзе да іх такая радасць, якую мела блажэнная Алена, калі знайшла Пачэсны Крыж. Памяні іх, Госпадзі Божа наш, як Ты памянуў Яноха, Сіма, Ілію; памяні іх, Госпадзі Божа наш, як Ты памянуў святых Тваіх сорак мучанікаў, паслаўшы ім з неба вянцы; памяні, Божа, і бацькоў, якія іх выгадавалі, бо малітвы бацькоўскія ўмацоўваюць асновы дамоў. Памяні, Госпадзі Божа наш, рабоў Тваіх шафера і шаферку, якія прыйшлі на радасць гэтую. Памяні, Госпадзі Божа наш, раба Твайго (імя) і рабу Тваю (імя) і благаславі іх. Дай ім плод ўлоння, добрых дзяцей, супольнасць душ і цел; узвысь іх, як кедры ліванскія, як вінаградную лазу галінастую. Даруй ім насенне каласíстае, каб ва ўсім дастатак маючы, яны былí шчодрымі на ўсякую справу добрую і Табе прыемную; і няхай яны ўбачаць сыноў у сыноў сваіх, якія будуць як аліўкавыя саджанцы за сталом іхнім; і, дагадзíўшы Табе, заззяюць нíбы свяцілы на небе, у Табе, Госпадзе нашым. З Табою ж слава, улада, пашана і пакланенне Беспачатнаму Твайму Айцу і Жыватворчаму Твайму Духу, цяпер, і заўсёды. і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі памілуй.

Ізноў свяшчэннік прамаўляе малітву ўголас:

Божа Святы, Ты з праху стварыў чалавека і з рабра яго ўтварыў жанчыну і далучыў да яго як памочніка, адпаведнага яму, бо такім было жаданне Тваёй вялíкасці, каб чалавек не адзін быў на зямлі; Ты Сам і цяпер, Уладару, працягні руку Тваю ад святога жылля Твайго, і злучы раба Твайго гэтага (імя) і рабу Тваю гэтую (імя), бо Табою злучаецца з мужам жонка. З`яднай іх у аднадумнасці, вянчай іх у плоць адзіную, даруй ім плод улоння, шчасце ў дзецях.

Бо Твая ўлада і Тваё  ёсць Царства, і сіла, і слава – Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

І пасля “амінь” свяшчэннік, узяўшы вянцы, вянчае спачатку жаніха, кажучы:

Вянчаецца раб Божы (імя) з рабою Божаю (імя) у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь.

Затым вянчае і нявесту, кажучы:

Вянчаецца раба Божая (імя) з рабом Божым (імя) у імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь. Затым благаслаўляе іх тройчы, прамаўляючы тройчы:

Госпадзі Божа наш, славаю і пашанаю вянчай іх.

Дыякан: Будзем уважлівымі!

Іерэй: Мір усім.

Чытач: І духу твайму. Пракімен, глас 8-мы:

Ты ўсклаў на іх галовы вянцы, з каштоўных камянёў, жыцця яны прасілі ў Цябе, і Ты даў ім.

Верш: Ты дасí ім благаславенне на векі вечныя, узвесяліш іх радасцю перад абліччам Тваім.

Дыякан: Прамудрасць!

Дыякан: Да Эфесян Паслання святога апостала Паўла чытанне.

Дыякан: Будзем уважлівымі!

Чытае Апостала да Эфесян, зачала 230:

Браты, дзякуйце заўжды за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Іісуса Хрыста, слухаючыся адзін аднаго ў страху Божым. Жонкі, слухайцеся сваіх мужоў, як Госпада, бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос – галава Царквы, і Ён жа – Спасіцель цела. Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім. Мужы, любíце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе, ачысціўшы амавеннем водным праз слова, каб паўстала перад Ім Царква ў славе, без плямы ці зморшчыны, ці чагосці падобнага, а каб была святой і беззаганнай. Так  павінны мужы любíць сваіх жонак, як свае целы: хто любіць сваю жонку, той сябе самога любіць. Бо ніхто ж ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву, бо мы – члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго. Таму “пакіне чалавек бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёю, і будуць двое адна плоць”. Тайна гэтая вялікая; гавару ж я пра Хрыста і пра Царкву. Так кожны з вас няхай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.

Іерэй: Мір табе.

Дыякан: І духу твайму. Прамудрасць. Алілуія, алілуія, алілуія.

Хор: Алілуія (тройчы).

Верш: Ты, Госпадзі, захаваеш нас і зберажэш нас ад роду гэтага і навек.

Дыякан: Прамудрасць. Станьце прама! Выслухаем Святое Евангелле!

Іерэй: Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Паводле Іаана Святога Евангелля чытанне.

Хор: Слава Табе, Госпадзі, слава Табе.

Дыякан: Будзем уважлівымі!

Свяшчэннік чытае Евангелле:

У той час было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Іісусава была там. 2 Запрошаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вяселле. 3 І калі не хапіла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць. 4 Кажа Ёй Іісус: што Мне і Табе, Жанчына яшчэ не прыйшоў час Мой. 5 Кажа Яго Маці слугам: што скажа Ён вам, зрабíце. 6 Было ж там шэсць каменных пасудзін для вады, якія стаялі дзеля ачышчэння Іудзейскага і змяшчалі па дзве ці па тры меры. 7 Кажа ім Іісус: напоўніце пасудзіны вадою. І напоўнілі іx да верху. 8 І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясіце да распарадчыка застолля. І яны панеслі. 9 Калі ж распарадчык пакаштаваў вады, што зрабілася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распарадчык застолля 10 і кажа яму: кожны чалавек спачатку добрае віно падае, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль. 11 Так паклаў Іісус пачатак цудам у Кане Галілейскай і явіў славу Сваю, і ўверавалі ў Яго вучні Яго.

Хор: Слава Табе, Госпадзі, слава Табе.

Патроеная екцення

Дыякан: Скажам усе ад усяе душы і ад усяго разумення нашага скажам.

Госпадзі Ўседзяржыцелю, Божа айцоў нашых, молімся Табе, выслухай і памілуй.

Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй, молімся Табе, выслухай і памілуй.

Яшчэ молімся аб міласці, жыцці, міры, здароўі, спасенні, наведанні рабоў Божых (імёны).

Іерэй: Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі, памілуй.

Іерэй (моліцца):

Госпадзі Божа наш, у спасіцельным Тваім промысле Ты палічыў дастойным у Кане Галілейскай паказаць высокую годнасць шлюбу Тваім прыходам; Сам цяпер рабоў Тваіх (імя) і (імя), якім Ты паспрыяў злучыцца адно з адным, у міры і аднадумнасці захавай; высокую годнасць шлюбу іх пакажы; неапаганенае іх ложа захавай, у беззаганным супольным жыцці заставацца ім паспрыяй, і спадобі іх старасці глыбокай дасягнуць, чыстым сэрцам выконваючы запаведзі Твае.

Бо Ты ёсць Бог наш, Бог, Які мілуе і спасае, і Табе славу ўзносім з Беспачатным Тваім Айцом, і Усесвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Прасіцельная екцення

Дыякан: Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.

Хор: Госпадзі, памілуй.

Дыякан: Каб увесь дзень быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.

Хор: Падай, Госпадзі.

Дыякан: Ангела міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэння і адпушчэння грахоў і правіннасцей нашых у Госпада просім.

Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім.

Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.

Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага; і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым, просім.

Адзінства веры і супольнасці Святога Духа папрасіўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор: Табе, Госпадзі.

Іерэй:  І спадобі нас, Уладару, каб мы з адвагаю, неасуджана смелі заклікаць Цябе, нябеснага Бога Айца, і прамаўляць:

Ойча наш

Хор: Ойча наш,/ Які ёсць на нябёсах,/ няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё,/ няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі./ Хлеб наш надзённы дай нам сёння;/ і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым;/ і не ўвядзі нас у спакусу,/ але збаў нас ад злога.

Іерэй: Бо Тваё ёсць Царства і сіла, і слава – Айца і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Іерэй: Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Галовы вашы перад Госпадам схіліце.

Хор: Табе, Госпадзі.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі, памілуй.

Іерэй (моліцца):

Божа Ты ўсё стварыў моцаю Тваёю, і ўмацаваў сусвет і ўпрыгожыў вянцом усіх створаных Табою, і чашу гэтую агульную даючы тым, хто злучаецца саюзам шлюбу, благаславі духоўным благаславеннем.

Бо благаславёнае Тваё імя і праслаўлена Тваё Царства, Айца і Сына і Святога Духа, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Людзі: Амінь.

Затым, узяўшы ў руку агульную чашу, падносіць ім тройчы: спачатку мужу, пасля жонцы.

Трапары

Ісаія, весяліся, / Дзева зачне ва ўлонні / і народзіць Сына Эмануіла, / Бога і чалавека, Усход імя Яму; / Яго узвелічаючы, / Дзеву ўблажаем.

Святыя мучанікі, / вы шмат пакутавалі і, увянчаныя,/ маліцеся да Госпада, / каб памілаваны былі душы нашы.

Слава Табе, Хрысце Божа, / апосталаў пахвала./ мучанікаў радасць, / іх пропаведзь Троіца Адзінасутная.

Свяшчэннік, узяўшы венец маладога, прамаўляе:

Узвялічся малады, як Аўраам, і благаславіся, як Ісаак, і прымножся, як Іакаў, ходзячы ў міры, і выконваючы ў праўдзе запаведзі Божыя.

І, узяўшы венец маладой, прамаўляе:

І ты, маладая, узвялічся, як Сарра, і ўзвесяліся, як Рэвека, і прымножся, як Рахіль, радуючыся свайму мужу, захоўваючы межы закону, бо гэта даспадобы Богу.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі, памілуй.

Іерэй (моліцца):

Божа, Божа наш, Ты прыйшоў у Кану Галілейскую і там шлюб благаславіў, благаславі і рабоў Тваіх гэтых, Тваім промыслам з`яднаных лучнасцю шлюбу; благаславі іх уваходы і выхады; прымнож дабром жыццё іх; захавай вянцы іх у Царстве Тваім, чыстымі і беззаганнымі і апраўданымі захоўваючы, на векі вякоў.

Хор: Амінь.

Іерэй: Мір усім.

Хор: І духу твайму.

Дыякан: Галовы вашыя да Госпада прыхіліце.

Хор: Табе, Госпадзі.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Хор: Госпадзі, памілуй.

Іерэй (моліцца):

Айцец, Сын і Святы Дух, Усесвятая і Адзінасутная і Жыватворчая Троіца, адзінае Бажаство і Царства, няхай благаславіць вас, і няхай дасць вам век доўгі, добрых дзяцей, поспех у жыцці і веры, і няхай пашле вам усё, што ёсць на зямлі, добрае; няхай спадобіць вас і абяцаных дабротаў дасягнуць, па малітвах Святой Багародзіцы і  ўсіх святых.

Хор: Амінь.

Дыякан: Прамудрасць.

Іерэй: Прасвятая Багародзіца, спасі нас.

Хор: Пачэснейшую за херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бога Слова, íсную Багародзіцу Цябе велічаем.

Іерэй: Слава Табе, Хрысце Божа, надзея наша, слава Табе.

Хор: Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і  заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

Госпадзі, памілуй (тройчы). Благаславі.

Іерэй: Той, Хто ў Кане Галілейскай прыходам Сваім пачэсны шлюб паказаў, Хрыстос, Ісцінны Бог наш, малітвамі Прачыстае Свае Маці, святых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, святых богавянчаных цароў і роўнаапостальных Канстанціна і Елены; (святых перашавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, святой вялікамучаніцы Екацярыны, святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх), святога вялікамучаніка Пракопія, усіх святых зямлі Беларускай і ўсіх святых, няхай памілуе і спасе нас, бо Ён Добры і Чалавекалюбны.

Хор: Амінь.

Мнагалецце

Дабрадзейнае і мірнае жыццё, здароўе і спасенне і ва ўсім добрае спрыянне падай, Госпадзі, рабам Божым (імёны), якія сёння вянчаюцца, і ўсім праваслаўным хрысціянам  і захавай іх на многія леты.

Хор: На многія леты (Тройчы).

Перейти к верхней панели