Да Фесаланікійцаў 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 1

1Павел, і Сілуан, і Цімафей — Царкве Фесаланікійкай ў Богу Айцу нашым і Госпадзе Іісусе Хрысце:

2благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

3Мы заўсёды павінны дзя́каваць Богу за вас, браты, як гэта нале́жыць, бо ўзраста́е вера ваша і памнажа́ецца ў кожнага з усіх вас любоў аднаго да другога,

4так што мы самі хва́лімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасцю вашай і вераю ва ўсіх ганеннях і ўцісках, якія вы перано́сіце;

5гэта знак таго, што будзе праведны суд Божы, каб вы ўдастоіліся Царства Божага, дзеля якога вы і паку́туеце.

6Бо справядліва ў Бога — адплаці́ць прыгнётам тым, хто вас прыгнята́е,

7а вам, прыгне́чаным, даць супакае́нне разам з намі ў час яўле́ння з неба Госпада Іісуса з ангеламі сілы Яго,

8у полымі агню, Які дасць адплату тым, хто не знае Бога і не слухаецца дабраве́сця Госпада нашага Іісуса Хрыста;

9яны ў пакара́нне пры́муць пагібель вечную ад аблічча Госпада і ад славы магутнасці Яго,

10калі Ён прыйдзе прасла́віцца ў святых Сваіх і яві́ць Сябе дзівосным у дзень той ва ўсіх веруючых, бо вы паверылі нашаму све́дчанню.

11Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб удастоіў вас паклі́кання Бог наш і усякае памкне́нне да дабра і справу веры напоўніў сілаю,

12каб праславілася імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па благадаці Бога нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

 

Раздзел 2

1Молім жа вас, браты: адносна прышэсця Госпада нашага Іісуса Хрыста і нашай сустрэчы з Ім

2не спяшайцеся вага́цца розумам і не бянтэ́жцеся ні ад духа, ні ад слова, ні ад паслання, нібыта намі пасла́нага, быццам ужо настаў дзень Хрыстоў.

3Няхай ніхто не ўвядзе вас у зман ніякім чынам: бо спачатку прыйдзе адступле́нне і адкры́ецца чалавек беззаконня, сын пагібелі,

4супраціўнік, які будзе ўзвыша́ць сябе над усім, што называецца Богам ці святыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы́ сябе за Бога.

5Хіба́ не па́мятаеце, што, яшчэ будучы з вамі, я казаў вам пра гэта́

6І цяпер тое, што стры́млівае, вы ведаеце, каб ён адкрыўся ў свой час.

7Бо тайна беззаконня ўжо ў дзеянні, толькі ёсць той, хто стрымлівае цяпер, да таго часу, пакуль ён не будзе ўзяты з асяро́ддзя;

8і тады адкры́ецца беззаконнік, якога Гасподзь Іісус заб’е по́дыхам ву́снаў Сваіх і знішчыць ззя́ннем прышэ́сця Свайго, —

9той, чый прыход, праз дзе́янне сатаны, будзе з усёю сілаю, і знаме́ннямі, і цудамі лжывымі,

10і з усякім падма́нам няправедным у дачыне́нні да тых, што гінуць, паколькі не прынялі яны любові да ісціны, каб спасціся.

11І за гэта Бог пашле на іх уздзе́янне аблу́ды, так што яны будуць верыць хлусні,

12каб асу́джаны былі́ ўсе тыя, што не паверылі ісціне, а ўпадаба́лі няпраўду.

13А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, узлю́бленыя Госпадам браты, таму што Бог ад пачатку выбраў вас для спасення праз асвячэнне Духам і веру ў ісціну,

14да чаго і паклікаў вас праз дабраве́сце наша, каб вы атрымалі славу Госпада нашага Іісуса Хрыста.

15Так што, браты, стойце і трыма́йцеся пада́нняў, якім вы навучаны ці праз слова, ці праз пасланне наша.

16А Сам Гасподзь наш Іісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў суцяшэнне вечнае і надзею добрую ў благадаці,

17няхай суце́шыць вашы сэрцы і няхай умацуе вас ва ўсякім слове і справе добрай.

 

Раздзел 3

1Дык вось, браты, маліцеся за нас, каб слова Гасподняе хутка распаўсю́джвалася і праслаўля́лася, як і ў вас,

2і каб мы былі пазба́ўлены ад нягодных і злых людзей; бо не ва ўсіх ёсць вера.

3Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.

4І мы ў Госпадзе ўпэўнены адносна вас, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.

5А Гасподзь няхай скіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

6Мы ж нака́зваем вам, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб вы аддаля́ліся ад кожнага брата, які жыве бясчы́нна, а не паводле пада́ння, прыня́тага ад нас,

7бо вы самі ведаеце, як нале́жыць вам пераймаць нас; мы ж не рабілі бясчынства ў вас,

8ні ў кога не елі хлеба дарма, а старанна і напружана працавалі ўночы і ўдзень, каб не стаць цяжа́рам каму-небудзь з вас,

9не таму, што мы не ма́ем пра́ва, а каб праз саміх сябе пада́ць вам пры́клад для перайма́ння.

10Бо і тады, як былі ў вас, мы нака́звалі вам вось што: калі хто не хоча працаваць, той няхай і не есць.

11Але чуем пра некаторых, што жывуць сярод вас бясчы́нна, нічога не робяць, а ўме́шваюцца не ў свае справы;

12такім нака́зваем і закліка́ем іх дзеля Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб яны, спакойна працу́ючы, елі свой хлеб.

13А вы, браты, не па́дайце духам, робячы дабро.

14Калі ж хто не паслу́хае ска́занага намі ў гэтым пасла́нні, таго майце на прыкме́це і не ўступа́йце ў зно́сіны з ім, каб пасароміць яго;

15аднак не лічы́це яго ворагам, а настаўля́йце на розум, як брата.

16Сам жа Гасподзь міру няхай дае вам мір заўсёды ва ўсім. Гасподзь з усімі вамі!

17Вітанне маёю рукою, Паўлаваю, што слу́жыць зна́кам у кожным пасла́нні; пішу я так:

18благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.

Перейти к верхней панели