Раздзел 1
1Павел, вязень Хрыста Іісуса, і Цімафей брат, — Філімону ўзлю́бленаму, супрацоўніку нашаму,
2і Апфіі, сястры ўзлю́бленай, і Архіпу, спадзві́жніку нашаму, і дамашняй тваёй царкве:
3благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
4Дзякую Богу майму, заўсёды паміна́ючы цябе ў малітвах маіх,
5чуючы пра тваю любоў і веру, якую ты маеш да Госпада Іісуса і да ўсіх святых,
6каб вера твая, супольная з нашай, была дзейснай у спазнанні ўсякага дабра, якое ў вас дзеля Хрыста Іісуса.
7Бо мы маем радасць вялікую і суцяшэнне ў любові тваёй, таму што табою, браце, супако́ены сэрцы святых.
8Таму, ма́ючы вялікую ў Хрысце адвагу зага́дваць табе нале́жнае,
9больш па любові прашу я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Іісуса Хрыста;
10прашу цябе за сына майго Анісіма, якога спарадзіў я ў кайданах маіх:
11ён быў калісьці бескарысным для цябе, а цяпер — вельмі карысны табе і мне; я адсылаю яго да цябе;
12ты ж прымі яго, як маё сэрца.
13Я хацеў утрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне, які ў кайданах за дабравесце;
14але я нічога не хацеў рабіць без тваёй згоды, каб добрая справа твая была не вы́мушанай, а дабравольнай.
15Бо, магчыма, ён дзеля таго адлучы́ўся на кароткі час, каб ты прыняў яго назаўсёды,
16ужо не як раба, а вышэй за раба, як брата ўзлюбленага, асабліва для мяне, а тым болей для цябе — і па плоці, і ў Госпадзе.
17Дык вось, калі маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне.
18Калі ж ён нанёс табе нейкую шкоду альбо доўг ма́е, то лічы́ гэта на мне.
19Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я заплачу́; каб не казаць табе, што ты і самога сябе мне вінен.
20Так, браце, дазволь мне мець карысць ад цябе ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
21Упэўнены ў паслухмянасці тваёй, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым я кажу.
22А разам з тым падрыхтуй мне і гасцявы́ пакой; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дарава́ны вам.
23Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Іісуса,
24а таксама Марк, Арыстарх, Дзімас, Лука, супрацоўнікі мае́.
25Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым. Амінь.