Канон малебны да Прасвятой Багародзiцы
Канон малебны да Прасвятой Багародзiцы
Спяваецца пры ўсякiм смутку душэўным і няшчасці.
Твор манаха Феасцірыкта
Песня 1
Ірмос
Ваду́ прайшо́ўшы нíбы су́шу і егíпецкага лíха пазбе́гнуўшы, ізраільця́нін ускліка́ў: Збавíцелю і Бо́гу на́шаму спява́йма.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Мно́гімі апанава́ны выпрабава́ннямі, да Цябе́ я звярта́юся ў по́шуках спасе́ння: О, Ма́ці Сло́ва і Дзе́ва, ад ця́жкіх бе́дстваў спасí мяне́.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Турбу́юць мяне́ напа́ды страсце́й, якíя напаўня́юць душу́ маю́ вялíкаю марко́таю; супако́й яе́ мíрам Сы́на і Бо́га Твайго́, Дзе́ва Усебеззага́нная.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Цябе́, што нарадзíла Спасíцеля і Бо́га, малю́ я, Дзе́ва, пра збаўле́нне мяне́ ад бе́дстваў; да Цябе́ цяпе́р звярта́ючыся, я скіро́ўваю і душу́, і ро́зум.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Хво́рага це́лам і душо́ю, наве́двання Бо́жага і кло́пату ад Цябе́ спадо́бі, адзíная Багама́ці, бо Ты до́брая і До́брага нарадзíла.
Песня 3
Ірмос
Нябе́снага ку́пала Верхатво́рца Го́спадзі і Царквы́ Ствары́цель, умацу́й мяне́ ў любо́ві да Цябе́, Ты, мэ́та маíх імкне́нняў, апо́ра ве́рных, адзíны Чалавекалю́бец.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Абаро́наю і по́крывам жыцця́ майго́ лічу́ я Цябе́, Богарадзíцелька Дзе́ва: Ты мяне́ скіру́й да пры́стані Тваёй, Віно́ўніца дабро́т, апо́ра ве́рных, адзíная Усяпе́тая.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Малю́ Цябе́, Дзе́ва: душэ́ўную збянтэ́жанасць і бу́ру сму́тку майго́ разганí, бо Ты, Боганяве́ста, крынíцу спако́ю — Хрыста́ нарадзíла, адзíная Прачы́стая.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Ты нарадзíла Дабрадзе́я, дабра́ Віно́ўніка, а таму́ бага́ццем дабрадзе́йства ўсіх адары́, бо Ты ўсё мо́жаш, пако́лькі мо́цнага сíлаю Хрыста́ нарадзíла Ты, Богаблажэ́нная.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь
Дзе́ва, Ты дапамажы́ мне, зму́чанаму лю́тымі не́мачамі і балю́чымі страсця́мі, бо я зна́ю Цябе́, Найбеззага́ннейшая, як ска́рбніцу ацале́нняў бага́тую і невычарпа́льную.
Захава́й ад бед рабо́ў Тваíх, Багаро́дзіца, бо мы ўсе пасля Бо́га да Цябе́ звярта́емся, як да несакруша́льнай сцяны́ і абаро́ны.
Спагля́нь з міласэ́рнасцю, усяпе́тая Багаро́дзіца, на мае́ лю́тыя цяле́сныя паку́ты і ацалí не́мач душы́ маёй.
Сядальны, глас 2
Гара́чая малíтва і сцяна́ непрысту́пная, мíласці крынíца, све́ту прыста́нішча, мы шчы́ра ўскліка́ем да Цябе́: Багаро́дзіца Улады́чыца, паспяшы́ і збаў нас ад бед, адзíная ско́рая абаро́нніца.
Песня 4
Ірмос
Пачу́ў я, Го́спадзі, пра таíнства заду́мы Тваёй, уразуме́ў спра́вы Твае́ і прасла́віў Тваё Бажаство́.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Страсце́й маíх узбурэ́нне і бу́ру маíх саграшэ́нняў уціхамíр, Боганяве́ста, Яка́я нарадзíла Стырнаво́га — Го́спада.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Пада́й мне Тваю́ бязме́жную міласэ́рнасць у адка́з на мой за́клік да Цябе́, Яка́я нарадзíла Міласэ́рнага і Спасíцеля ўсіх, хто апява́е Цябе́.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Ма́ючы асало́ду ад Тваíх даро́ў, Прачы́стая, мы спява́ем удзя́чную пе́сню, прызнаючы́ Цябе́ за Багама́ці.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
На ло́жы ў хваро́бе сваёй і не́мачы ляжу́ я, таму́ дапамажы́ мне як Добралюбíвая, адзíная Вечнадзе́ва.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Надзе́ю і апо́ру, і непахíсную сцяну́ спасе́ння ма́ючы ў Табе́, Усяпе́тая, мы ад уся́кай ця́жкасці збаўля́емся.
Песня 5
Ірмос
Прасвятлí нас нака́замі Тваíмі, Го́спадзі, і сíлаю Тваёю высо́каю Тво́й мір пада́й нам, Чалавекалю́бец.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Напо́ўні, Чы́стая, весяло́сцю сэ́рца маё, Тваю́ чы́стую даючы́ ра́дасць, бо Віно́ўніка весяло́сці нарадзíла Ты.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Збаў нас ад бед, Багаро́дзіца Чы́стая, што нарадзíла ве́чнае Збаўле́нне і мір, якí перавыша́е ўся́кае разуме́нне.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Рассе́й імглу́ саграшэ́нняў маíх, Боганяве́ста, праме́ннем Твайго́ ззя́ння, Ты, што нарадзíла Святло́ Бажэ́ственнае і спрадве́чнае.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Ацалí, Чы́стая, душы́ маёй не́мач, спадо́біўшы мяне́ Тваёй апе́кі, і здаро́ўе малíтвамі Тваíмі пада́й мне.
Песня 6
Ірмос
Малíтву я пралію́ да Го́спада і Яму́ адкры́ю бе́ды мае́, таму́ што́ злом душа́ мая́ напо́ўнена і жыццё маё да пе́кла наблíжана. І малю́ся я, як Іо́на: ад згу́бы, Бо́жа, вы́баў мяне́.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Як Сам Той, Хто адда́ў Сябе́ на смерць, спас ад сме́рці і згу́бы маю́ істо́ту, ахо́пленую згу́баю і сме́рцю, так Ты, Дзе́ва, малí Го́спада і Сы́на Твайго́ зба́віць мяне́ ад ліхадзе́йства во́рагаў.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Як абаро́нніцу жыцця́ Цябе́ зна́ю і захава́льніцу надзе́йную, Дзе́ва, Яка́я спыня́е мно́ства спаку́с і адво́дзіць зло́бу дэ́манаў; і малю́ся заўжды́: ад згу́бы страсце́й маíх збаў мяне́.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Мы ма́ем, Цябе́, Дзе́ва, як сцяну́ абаро́нную, як уседаскана́лае спасе́нне душ і ўце́ху ў няго́дах, і святлу́ Твайму́ заўжды́ ра́дуемся. О, Улады́чыца, і цяпе́р нас ад страсце́й і бед урату́й.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
У пасце́лі цяпе́р я хво́ры ляжу́, і няма́ ацале́ння пло́ці маёй, але́ да Цябе́ я малю́ся, До́брай, Яка́я нарадзíла Бо́га і Спасíцеля све́ту, і Збавíцеля ад не́мачаў: ад згу́бы не́мачаў падымí мяне́.
Кандак, глас 6
Абаро́на хрысція́н надзе́йная, Хада́йніца да Тварца́ нязме́нная, не пагарджа́й малітвамі грэ́шнікаў, а паспе́й як До́брая на дапамо́гу нам, што з ве́раю ўскліка́ем да Цябе́: паспяша́йся на засту́пніцтва і ху́тка прыйдзí на хада́йніцтва, абараня́ючы заўжды́, Багаро́дзіца, тых, хто шану́е Цябе́.
Другi кандак, глас той жа
Няма́ ў нас íншае дапамо́гі, няма́ íншае надзе́і, акрамя́ Цябе́, Прачы́стая Дзе́ва. Ты нам дапамажы́, на Цябе́ спадзяе́мся мы і Табо́ю хва́лімся, бо Твае́ мы рабы́, няха́й жа не пасаро́меемся.
Сціхіра, глас той жа
Не даруча́й мяне́ чалаве́чай абаро́не, Прасвята́я Улады́чыца, а прымí мале́нне раба́ Твайго́; бо няго́ды агарну́лі мяне́, я не магу́ цярпе́ць дэ́манскіх стрэ́л, прыту́лку не ма́ю і нідзе́ не знахо́джу прыста́нішча, няшча́сны я, адусю́ль напада́юць на мяне́, і ўце́хі не ма́ю, акрамя́ Цябе́, Улады́чыца све́ту, надзе́я і абаро́на ве́рных, не пагарджа́й малíтвай маёй і зрабí то́е, што кары́сна мне.
Песня 7
Ірмос
Юнакí, якíя з Іудзе́і прыйшлí, не́калі ў Вавіло́не ве́раю ў Тро́іцу по́лымя ў пе́чы перамаглí, спява́ючы: Бо́жа айцо́ў, благаславёны Ты.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Жада́ючы на́ша спасе́нне здзе́йсніць, Спасíцелю, Ты ўсялíўся ва ўло́нне Дзе́вы, Яку́ю ўчынíў Ты Засту́пніцай све́ту; айцо́ў на́шых Бо́жа, благаславёны Ты.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Прыхíльніка мíласці, Яко́га нарадзíла Ты, Ма́ці Чы́стая, умалí, каб пазба́віліся ад саграшэ́нняў і душэ́ўнага бру́ду ты́я, што з ве́раю ўскліка́юць: айцо́ў на́шых Бо́жа, благаславёны Ты.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Як ска́рбніцу спасе́ння, і крынíцу нятле́ння, і надзе́йную цвярды́ню, і дзве́ры пакая́ння Ты паказа́ў Ту́ю, Яка́я нарадзíла Цябе́, тым, што ўскліка́юць: айцо́ў на́шых Бо́жа, благаславёны Ты.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Цяле́сныя сла́басці і душэ́ўныя не́мачы тых, што з любо́ўю прыхо́дзяць, Богарадзíцелька, пад по́крыва Тваё, спадо́бі ацалíць, Дзе́ва, Яка́я Спасíцеля Хрыста́ нам нарадзíла.
Песня 8
Ірмос
Цара́ Нябе́снага, Яко́га апява́юць во́інствы А́нгелаў, апява́йце і ўслаўля́йце і высо́ка ўзно́сьце ва ўсе вякí.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Не пагарджа́й, Дзе́ва, ты́мі, хто про́сіць Тваёй дапамо́гі, апява́ючы і высо́ка ўзно́сячы Цябе́ наве́кі.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Не́мачы душы́ маёй і цяле́сныя хваро́бы Ты ацаля́еш, Дзе́ва, каб я праслаўля́ў Цябе́, Чы́стая, наве́кі.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Ацале́нняў мно́ства Ты выліва́еш на тых, хто апява́е Цябе́, Дзе́ва, і высо́ка ўзно́сіць невымо́ўна Наро́джанага Табо́ю.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
На́ціскі спаку́с і напа́ды страсце́й адганя́еш Ты, Дзе́ва, таму́ мы апява́ем Цябе́ ва ўсе вякí.
Песня 9
Ірмос
Справядлíва Багаро́дзіцай мы вызнае́м Цябе́, праз Цябе́ спасёныя, Дзе́ва Чы́стая, з хара́мі бяспло́тных сіл Цябе́ веліча́ючы.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Не пагарджа́й пато́кам слёз маíх, Дзе́ва, што нарадзíла Хрыста, Якí выціра́е з ко́жнага тва́ру ко́жную слязу́.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Ра́дасцю маё сэ́рца напо́ўні, Дзе́ва, Яка́я атрыма́ла паўнату́ ра́дасці і знíшчыла боль граху́.
Прасвята́я Багаро́дзіца, спасí нас.
Прыста́нішчам і абаро́наю будзь, Дзе́ва, тым, хто звярта́ецца да Цябе́, сцяно́ю несакруша́льнаю, прыту́лкам, і по́крывам, і ра́дасцю.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
Святла́ Твайго́ праме́ннем разганя́ючы це́мру няве́дання, асвятлí, Дзе́ва, тых, хто з паша́наю вызнае́ Цябе́ Багаро́дзіцаю.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
На ме́сцы паку́т ад не́мачы ацалí таго́, хто ўпаў ду́хам, Дзе́ва, з хво́рага зрабíўшы здаро́вым.
Сцiхiры, глас 2
Вышэ́йшую за нябёсы і чысце́йшую за святло́ со́нечнае, Ту́ю, што зба́віла нас ад праклёну, Улады́чыцу све́ту спе́вамі ўшану́ем.
Ад мно́гіх маíх грахо́ў хварэ́е це́ла, хварэ́е і душа́ мая́; да Цябе́ я звярта́юся, Благада́тнай: Надзе́я безнадзе́йных, Ты мне дапамажы́.
Улады́чыца і Ма́ці Збавíцеля, прымí малíтву недасто́йных рабо́ў Тваíх, каб хада́йнічаць пе́рад Наро́джаным ад Цябе́. О, Улады́чыца све́ту, будзь хада́йніцаю!
Стара́нна і ра́дасна мы спява́ем цяпе́р пе́сню Табе́, усíмі апе́тай Багаро́дзіцы: з Прадце́чаю і ўсíмі святы́мі малí, Багаро́дзіца, Бо́га быць мíласцівым да нас.
Усе́ во́інствы А́нгелаў, Прадце́ча Гаспо́дні, двана́ццаць Апо́сталаў, усе́ святы́я з Багаро́дзіцаю, учынíце малíтву, каб спаслíся мы.
Малiтва 1
Да Прасвятой Багародзiцы
Цары́ца мая́ найдабрэ́йшая, надзе́я мая́, Багаро́дзіца, прыту́лак для сіро́т і абаро́нніца падаро́жных, гаро́тных ра́дасць, пакры́ўджаных атулíцелька! Ты ба́чыш маю́ бяду́, Ты ба́чыш маё го́ра; дапамажы́ мне як не́мачнаму, скіру́й мяне́ на шлях як падаро́жнага. Кры́ўду маю́ Ты ве́даеш, вы́звалі з яе́, як жада́еш, бо няма́ ў мяне́ íншае дапамо́гі, апро́ч Цябе́, ні íншае абаро́нніцы, ні до́брае суцяша́льніцы, акрамя́ Цябе́, о, Багама́ці, бо Ты захава́еш мяне́ і ату́ліш на ве́кі вяко́ў. Амíнь.
Малiтва 2
Каго́ бу́ду клíкаць, Улады́чыца́ Да каго́ звярну́ся ў журбе́ маёй, калí не да Цябе́, Цары́ца Нябе́сная? Хто плач мой і ўздыха́нне маё пры́ме, калí не Ты, Найбеззага́ннейшая, надзе́я хрысція́н і прыста́нішча нам, грэ́шным? Хто лепш за Цябе́ ў напа́сцях абаро́ніць? Пачу́й жа стогн мой і схілí ву́ха Тваё да мяне́, Улады́чыца, Ма́ці Бо́га майго́, і не пагарджа́й мно́ю, якí патрабу́е Тваёй дапамо́гі, і не адкíнь мяне́, грэ́шнага. Наста́ў на ро́зум і навучы́ мяне́, Цары́ца Нябе́сная; не адступí ад мяне́, раба́ Твайго́, за нарака́нне маё, а бу́дзь мне Ма́ці і Засту́пніцай. Уруча́ю сябе́ мíласцівай апе́цы Тваёй: прывядзí мяне́, грэ́шнага, да цíхага і спако́йнага жыцця́, каб я апла́кваў грахí свае́. Бо да каго́ звярну́ся я, вінава́ты, калí не да Цябе́, надзе́і і прыста́нішча для грэ́шных, акрыля́емы спадзява́ннем на невымо́ўную мíласць Тваю́ і шчо́драсці Твае́́ О, Улады́чыца, Цары́ца Нябе́сная! Ты мне надзе́я і прыста́нішча, прыту́лак, і засту́пніцтва, і дапамо́га. Цары́ца мая́ найдабрэ́йшая і ско́рая Засту́пніца! Пакры́й Тваíм хада́йніцтвам мае́ саграшэ́нні, абаранí мяне́ ад во́рагаў ба́чных і няба́чных; змякчы́ сэ́рцы злых людзе́й, што паўстаю́ць на мяне́. О, Ма́ці Го́спада майго́, Тварца́! Ты — ко́рань дзяво́цтва і неўвяда́льная кве́тка чысцінí. О, Багаро́дзіца! Ты пада́й дапамо́гу мне, не́мачнаму ад пло́цкіх страсце́й і няду́жаму сэ́рцам, бо то́лькі Тваё і з Табо́ю Твайго́ Сы́на і Бо́га на́шага ма́ю засту́пніцтва; і Тваíм найцудо́ўнейшым засту́пніцтвам няха́й зба́ўлюся я ад уся́кае бяды́ і напа́сці, о, найбеззага́ннейшая і найслаўне́йшая Бо́жая Ма́ці Мары́я. Таму́ я з надзе́яй гавару́ і ўскліка́ю: ра́дуйся, Благада́тная, раду́йся, Абра́даваная; ра́дуйся, Найблагаславе́ннейшая, Гаспо́дзь з Табо́ю.
Малiтва 3
О, Прасвята́я Спада́рыня Улады́чыца Багаро́дзіца! Ты вышэ́йшая за ўсіх А́нгелаў і Арха́нгелаў і пачэ́снейшая за ўсё стварэ́нне, Ты — памо́чніца пакры́ўджаных, безнадзе́йных надзе́я, убо́гіх засту́пніца, засму́чаных суцяшэ́нне, гало́дных кармі́целька, го́лых адзе́нне, хво́рых ацале́нне, грэ́шных спасе́нне, хрысція́н усíх дапамо́га і засту́пніцтва. О, усямíласцівая Спада́рыня, Дзе́ва Багаро́дзіца Улады́чыца, мíласцю Тваёю спасí і памíлуй Вялíкага Спадара́ і Айца́ на́шага Кіры́ла, Свяце́йшага патрыя́рха Маско́ўскага і ўсяе́ Русí і ўсіх Свяце́йшых патрыя́рхаў правасла́ўных і Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Філарэ́та, мітрапалíта Мíнскага і Слу́цкага, Патрыя́ршага Экза́рха ўсяе́ Беларусі, праасвяшчэ́нных мітрапалíтаў, архіепíскапаў і епíскапаў і ўвесь свяшчэ́нніцкі і мана́скі чын, і ўсіх правасла́ўных хрысція́н ры́заю Тваёю пачэ́снаю ахава́й; і ўмалí, Спада́рыня, Таго́, Хто без се́мені ўцяле́сніўся ад Цябе́ — Хрыста, Бо́га на́шага, каб Ён падпераза́ў нас сíлаю Сваёю вышэ́йшаю на няба́чных і ба́чных во́рагаў на́шых. О, усямíласцівая Спада́рыня Улады́чыца Багаро́дзіца, уздымí нас з глыбінí граху́ і збаў нас ад го́ладу, згу́бы, ад землетрасе́ння і пато́пу, ад агню́ і мяча́, ад нашэ́сця іншапляме́ннікаў і міжусо́бнае вайны́, і ад рапто́ўнае сме́рці, і ад напа́ду во́рагаў, і ад згу́бных вятро́ў, і ад смертано́снае зара́зы, і ад уся́кага зла. Пада́й, Спада́рыня, мір і здаро́ўе раба́м Тваíм, усíм правасла́ўным хрысція́нам, і асвятлí ім ро́зум і во́чы сэ́рца для спасе́ння; і спадо́бі нас, грэ́шных рабо́ў Тваíх, Ца́рства Сы́на Твайго́, Хрыста́, Бо́га на́шага, бо ўлада́рства Яго́ благаславёнае і найпрасла́ўленае з Беспача́тным Яго́ Айцо́м, і з Прасвяты́м, і До́брым, і Жыватво́рчым Яго́ Ду́хам, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амíнь.