Малітвы ранішнія
Устаўшы ад сну, перад усякай іншай справай стань благагавейна перад Усёвідушчым Богам і, робячы на сабе знак Крыжа, скажы:
У імя́ Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха. Амінь.
Потым трохі пачакай, пакуль усе пачуцці твае супакояцца і думкі твае пакінуць усё зямное, і тады гавары наступныя малітвы без паспешнасці і з увагай сардэчнай:
Малітва мытара
(Евангелле паводле Лукі, раздзел 18, верш 13)
Бо́жа, будзь міі́ласцівы да мяне грэ́шнага. (Паклон)
Малітва пачынальная
Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малі́тваў Прачы́стае Твае́ Ма́ці і ўсіх святы́х, памі́луй нас. Амінь.
Сла́ва Табе́, Бо́жа наш, сла́ва Табе́.
Малітва Святому Духу
Цару́ Нябе́сны, Уцяшы́целю, Ду́ху і́сціны, Ты ўсю́ды прысу́тны і ўсё напаўня́еш, Ска́рбніца дабра́ і жыцця́ Пада́целю, прыйдзі́ і ўсялі́ся ў нас, і ачы́сці нас ад уся́кай нечыстаты́ і спасі́, До́бры, ду́шы на́шы.
Трысвятое
Святы́ Бо́жа, Святы́ Мо́цны, Святы́ Несмяро́тны, памі́луй нас. (Чытаем тройчы, робячы на сабе знак Крыжа і паясны паклон)
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва да Прасвятой Троіцы
Прасвята́я Тро́іца, памі́луй нас; Го́спадзі, ачы́сці грахі́ на́шы; Уладару́, праба́ч беззако́нні на́шы; Святы́, наве́дай і ацалі́ не́мачы на́шы дзе́ля імя́ Твайго́.
Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы)
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва Гасподняя
О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяці́цца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлі́. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгі́ на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзі́ нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.
Трапары Троічныя
Уста́ўшы ад сну, прыпада́ем да Цябе, До́бры, і а́нгельскую пе́сню спява́ем Табе́, Магу́тны: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памі́луй нас.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.
З пасце́лі і сну Ты падня́ў мяне́, Го́спадзі, ро́зум мой прасвятлі́ і сэ́рца, і ву́сны мае́ адкры́й, каб апява́ць Цябе́, Свята́я Троо́іца: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памі́луй нас.
І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Неспадзява́на Суддзя́ пры́йдзе, і ўчы́нкі ко́жнага вы́явяцца, але са стра́хам усклі́кнем апо́ўначы: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памі́луй нас.
Го́спадзі, памі́луй. (12 разоў)
Малітва да Прасвятой Троіцы
Уста́ўшы ад сну, дзя́кую Табе́, Святе́я Тро́іца, што па вялі́кай Тваёй дабрыні́ і доўгацярпе́нню не загне́ваўся Ты на мяне́, ляні́вага і грэ́шнага, і не загубі́ў мяне́ з беззако́ннямі маі́мі; паказа́ў Сваё звыча́йнае чалавекалю́бства і падня́ў мяне́, калі я ляжа́ў без па́мяці, каб я ўстаў ра́на і славасло́віў ула́ду Тваю́. l цяпе́р прасвятлі́ мае́ во́чы духо́ўныя, адкры́й мае́ ву́сны, каб мне навуча́цца сло́ву Твайму́, і разуме́ць за́паведзі Твае́, і выко́нваць во́лю Тваю́, і праслаўляць Цябе́ з удзя́чнасцю сардэ́чнай, і апява́ць усесвято́е імя́ Тваё — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха — цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Прыйдзі́це, пакло́німся Цару́ на́шаму — Бо́гу. (Паклон)
Прыйдзі́це, пакло́німся і прыпадзём да Хрыста́, Цара́ на́шага, Бо́га. (Паклон)
Прыйдзі́це, пакло́німся і прыпадзём да Само́га Хрыста́, Цара́ і Бо́га на́шага. (Паклон)
Псалом 50
Памі́луй мяне́, Бо́жа, па вялі́кай мі́ласці Тваёй і па мно́ству шчо́драсцей Тваі́іх ачы́сці беззако́нні мае́. Зусі́м абмы́й мяне́ ад беззако́ння майго́ і ад граху́ майго́ ачы́сці мяне́. Бо беззако́нне маё я зна́ю і грэх мой пе́рада мно́ю заўжды́. Пе́рад Табо́й адзі́ным я саграшы́ў і зло́е пе́рад Табо́ю ўчыні́ў, так што Ты справядлі́вы ў сло́вах Тваі́х і беззага́нны ў судзе́ Тваі́ім. Бо вось у беззако́ннях зача́ты я i ў граха́х нарадзі́ла мяне́ ма́цi мая́. Бо вось iсцiну ўзлюбі́ў Ты, невядо́мае i та́йнае з праму́драсцi Тваёй адкры́ў Ты мне. Акрапі́ш мяне́ ісо́пам — i бу́ду чы́сты, абмы́еш мяне́ — i бу́ду за снег бяле́йшы. Дасі́ мне пачу́ць ра́дасць i вясяло́сць — i ўзра́дуюцца ко́сцi пако́раныя. Адвярні́ аблі́чча Тваё ад грахо́ў маі́iх i ўсе беззако́ннi мае́ ачы́сцi. Сэ́рца чы́стае ствары́ ўва мне, Бо́жа, i дух пра́ўды аднаві́ ўнутры́ мяне́. Не адкі́нь мяне́ ад аблі́чча Твайго́ i Ду́ха Твайго́ Свято́га не адымі́ ад мяне́. Вярні́ мне ра́дасць спасе́ння Твайго́ і Ду́хам улада́рным умацу́й мяне́. Я навучу́ беззако́нных шляха́м Тваі́м, i грэ́шныя да Цябе́ зве́рнуцца. Урату́й мяне́ ад крыві́, Бо́жа, Бо́жа спасе́ння майго́, i ўзра́дуецца язы́к мой пра́ўдзе Тваёй. Го́спадзі, ву́сны мае́ адкры́еш, i ву́сны мае́ абвясця́ць хвалу́ Тваю́. Бо калі́ б Ты захаце́ў ахвя́ры, то я даў бы, але ўсеспале́нне не мі́лае Табе́. Ахвя́ра Бо́гу — дух скру́шаны; сэ́рцам скру́шаным i пако́рлiвым Бог не пагарджа́е. Ашчаслі́ў, Го́спадзі, з ла́скi Твае́ Сiён, i няха́й збуду́юцца сце́ны Iерусалі́ма. Тады́ мі́лай Табе́ бу́дзе ахвя́ра пра́ўды, прынашэ́нне i ўсеспале́нне; тады́ пакладу́ць на ахвя́рнiк Твой цяльцо́ў.
Сімвал веры
Ве́рую ў Адзі́нага Бо́га Айца́, Уседзяржы́целя, Тварца́ не́ба i зямлі́, усяго́ ба́чнага i няба́чнага. I ў адзі́нага Го́спада Iiсу́са Хрыста́, Сы́на Бо́жага, Адзiнаро́днага, ад Айца́ наро́джанага пе́рад усі́мi вяка́мi; Святло́ ад Святла́, Бо́га і́сцiннага ад Бога і́сцiннага, наро́джанага, не ство́ранага, адзiнасу́тнага з Айцо́м, праз Яко́га ўсё ста́лася. Які́ дзе́ля нас, людзе́й, i дзе́ля на́шага спасе́ння сышо́ў з нябёс i ўцяле́снiўся ад Ду́ха Свято́га i Дзе́вы Мары́i, i стаў чалаве́кам. Быў распя́ты за нас пры По́нцii Пiла́це, i паку́таваў, i быў пахава́ны. I ўваскрэ́с на трэ́цi дзень зго́дна з Піса́ннем. I ўзышо́ў на нябёсы, i сядзі́ць правару́ч Айца́. I зноў пры́йдзе ў сла́ве судзі́ць жывы́х i мёртвых, i Яго Ца́рству не бу́дзе канца́. I ў Ду́ха Свято́га, Го́спада, Жыватво́рчага, што ад Айца́ зыхо́дзiць, што з Айцо́м i Сы́нам ра́зам пакланя́емы i сла́вiмы, што гавары́ў праз праро́каў. У адзі́ную Святу́ю Сабо́рную i Апо́стальскую Царкву́. Вызнаю́ адно́ хрышчэ́нне для адпушчэ́ння грахо́ў. Чака́ю ўваскрасе́ння мёртвых i жыцця́ бу́дучага ве́ку. Амі́нь.
Малітва 1я, св. Макарыя Вялікага
Бо́жа, ачы́сці мяне́, грэ́шнага, бо я ніко́лі не зрабі́ў до́брага пе́рад Табо́ю; але́ збаў мяне́ ад зло́га, і няха́й бу́дзе ўва мне во́ля Твая́, каб я неасу́джана адкры́ў ву́сны мае́ недасто́йныя і ўсхвалі́ў імя́ Тваё свято́е — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха — цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 2я, таго ж святога
Уста́ўшы ад сну, я апо́ўначы пе́сню прыно́шу Табе́, Спасі́целю, і, прыпада́ючы, ускліка́ю да Цябе́: не дай мне засну́ць грахо́ўнай сме́рцю, а пашкаду́й мяне, дабраво́льна Распя́ты, і як ляжу́ я ў ляно́це, ху́тка паднімі́ мяне́, і спасі́ мяне́, як стаю́ я і малю́ся, і пасля́ сну начно́га дай заззя́ць нада мно́ю дню бязгрэ́шнаму, Хрысце́ Бо́жа, і спасі́ мяне́.
Малітва 3я, таго ж святога
Да Цябе́, Уладару́ Чалавекалю́бны, уста́ўшы ад сну, я звярта́юся, і да спраў Тваі́х прыступа́ю па міласэ́рнасці Тваёй, і малю́ся Табе́: памажы́ мне ва ўся́кі час, ва ўся́кай рэ́чы, і захава́й мяне́ ад уся́кай злой рэ́чы ў све́це, і ад дыя́вальскага ўздзе́яння, і спасі́ мяне́, і ўвядзі́ ў Ца́рства Тваё ве́чнае. Бо Ты мой Ствары́цель і ўся́кага дабра́ Прамыслі́цель і Пада́цель, на Цябе́ ўсё спадзява́нне маё, і Табе́ сла́ву ўзно́шу цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 4я, таго ж святога
Го́спадзі, Ты вялі́кай Тваёй дабрынёю і вялі́кімі шчо́драсцямі Тваі́мі даў мне, рабу́ Твайму́, міну́лы час но́чы гэ́тай без напа́сці прайсці́ ад ўся́кага зла супраці́ўнага; Ты Сам, Уладару́, Тво́рца ўсяго́, спадо́бі мяне ў і́сцінным Тваі́м святле́ і з прасве́тленым сэ́рцам выко́нваць во́лю Тваю́ цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 5я, св. Васілія Вялікага
Го́спадзі Уседзяржы́целю, Бо́жа сіл і ўся́кае пло́ці, Ты ў вышы́нях жыве́ш і на нізі́ны спагляда́еш, сэ́рцы і ду́мкі назіра́еш і я́сна ве́даеш та́йны чалаве́чыя, Беспача́тнае і Вечнаі́снае Святло́, што не ма́е змяне́ння і не дае́ це́ню! Ты Сам, Неўміру́чы Цару́, прымі́ мале́нні на́шы, які́я мы ў цяпе́рашні час, спадзеючы́ся на мно́ства шчо́драсцей Тваіх, нячы́стымі ву́снамі прыно́сім Табе́, і дару́й нам праві́ннасці на́шы, учы́неныя на́мі дзе́яннем, сло́вам і ду́мкаю, свядо́ма ці несвядо́ма; і ачы́сці нас ад уся́кае нечыстаты́ пло́ці і ду́ха. l дай нам з нядрэ́мным сэ́рцам і цвяро́заю ду́мкаю ўсю ноч цяпе́рашняга жыцця́ прайсці́ ў чака́нні прышэ́сця све́тлага і сла́ўнага дня Адзінаро́днага Твайго́ Сы́на, Го́спада і Бо́га і Спасі́целя на́шага Іісу́са Хрыста́, калі́ са сла́ваю Суддзя́ ўсіх пры́йдзе ко́жнаму адда́ць паво́дле ўчы́нкаў яго; каб не ў ляжа́нні і ляно́це, а нядрэ́мнымі і на нага́х, у выкана́нні за́паведзяў Яго мы былі́ зно́йдзены, гато́выя ўвайсці́ з Ім у ра́дасць і ў Бажэ́ственны хо́рам сла́вы Яго, дзе святку́ючых го́лас несціха́ны і невымо́ўная асало́да сузіра́льнікаў невыка́знага хараства́ аблі́чча Твайго́. Бо Ты — і́сціннае Святло́, Яко́е прасвятля́е і асвяча́е ўсё, і Цябе́ апява́е ўсё стварэ́нне на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 6я, таго ж святога
Цябе́ благаслаўля́ем, вы́шні Бо́жа і Го́спадзі мі́ласці, Які заўсёды ро́біш з на́мі вялі́кае і недасту́пнае разуме́нню, сла́ўнае і дзіво́снае, на што і лі́ку няма́, Які даў нам сон для супакае́ння не́мачы на́шай і аслабле́ння ўто́мленасці знясі́ленай пло́ці. Дзя́куем Табе́, што не загубі́ў нас з беззако́ннямі на́шымі, а паказа́ў Сваё звыча́йнае чалавекалю́бства і падня́ў нас, калі́ мы ляжа́лі без па́мяці, каб мы славасло́вілі ўла́ду Тваю́. Таму́ мо́лім бязме́рную Тваю́ до́брасць: прасвятлі́ на́шы ду́мкі, во́чы, і ро́зум наш ад ця́жкага сну ляно́ты абудзі́, адкры́й на́шы ву́сны і напо́ўні іх хвало́ю Табе́, каб мы маглі́ непару́шна апява́ць і праслаўля́ць Цябе, ва ўсіх і ўсімі сла́вімага Бо́га — Беспача́тнага Айца́ з Адзінаро́дным Тваі́м Сы́нам і Усесвяты́м і До́брым і Жыватво́рным Тваі́ім Ду́хам — цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 7я, да Прасвятой Багародзіцы
Апява́ю благада́ць тваю́, Улады́чыца, малю́ Цябе́: ро́зум мой благада́ццю адары́. Хадзі́ць пра́вільна мяне́ навучы́ — шля́хам Хрысто́вых за́паведзяў. Нядрэ́мнасць ў спе́ве ўмацу́й, марко́тны сон адганя́ючы. Звя́занага ланцуга́мі грэхападзе́нняў малі́твамі Тваі́мі вы́звалі, Боганяве́ста. Уначы́ мяне́ і ўдзень ахо́ўвай, ад ваяўні́чых во́рагаў рату́ючы мяне́. Ты, Яка́я Жыццяда́целя — Бо́га нарадзі́ла, мяне́, памерлага ад страсцей, ажыві. Ты, Яка́я святло́ невячэ́рняе нарадзі́ла, душу́ маю́ асле́плую прасвятлі́. О, дзіво́сны хо́рам Уладара́, до́мам Ду́ха Бажэ́ственнага мяне́ ўчыні́. Ты, Яка́я Ле́кара нарадзі́ла, вы́лечы душы́ маёй шматгадо́выя стра́сці. Мяне́, жыццёваю бу́раю захо́пленага, на сцяжы́ну пакая́ння скіру́й. Урату́й мяне́ ад агню́ ве́чнага, ад чарвяка́ лю́тага і та́ртара. Не ўчыні́ ра́дасці для дэ́манаў з мяне́, у мно́гіх граха́х вінава́тага. Но́вым зрабі́ мяне́, змарне́лага ад неадчува́льных, Найчысце́йшая, саграшэ́нняў. Далёкім ад му́кі уся́кай пакажы́ мяне́ і Уладара́ ўсіх умалі́. Нябе́сных мне дасягну́ць ра́дасцей з усі́мі святы́мі спадо́бі. Прасвята́я Дзе́ва, пачу́й го́лас няго́днага раба́ Твайго́. Дай лі́цца сляза́м маі́м, Прачы́стая, душы́ маёй нечыстату́ ачышча́ючы. Сто́гны ад сэ́рца прыно́шу Табе́ няспы́нна: падтрыма́й, Улады́чыца. Малі́твенае служэ́нне маё прымі́ і Бо́гу міласэ́рнаму прынясі́. Вышэ́йшая за Ангелаў, узнімі́ мяне́, не да́ўшы са све́там змяша́цца мне. Светлано́сная За́сень нябе́сная, духо́ўную благада́ць на мяне́ скіру́й. Ру́кі ўзніма́ю і адкрыва́ю забру́джаныя нечыстато́й ву́сны для ўсхвале́ння, Найчысце́йшая. Ад душатле́нных мяне́ напа́даў пазба́ў, стара́нна ўмаля́ючы Хрыста́, Яко́му паша́на і паклане́нне нале́жаць цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 8я, да Госпада нашага Іісуса Хрыста
Мнагамі́ласцівы і Усямі́ласцівы Бо́жа мой, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, дзе́ля вялі́кай любо́ві Ты сышо́ў і ўцяле́сніўся, каб спасці́ усіх. Дык вось, Спасі́целю, спасі́ мяне́ па благада́ці, малю́ Цябе́; бо калі за ўчы́нкі спасе́ш мяне́, то гэ́та не благада́ць і дар, а хутчэ́й абавя́зак. О, бага́ты шчо́драсцямі і невымо́ўны ў мі́ласці! Ты сказа́ў, Хрысце́ мой: хто ве́руе ў Мяне́, той жывы́ бу́дзе і не ўба́чыць сме́рці наве́кі. Калі ж ве́ра ў Цябе́ спаса́е тых, хто ў адча́і, то вось я ве́рую, спасі́ мяне́, бо Ты мой Бог і Ствары́цель. l ве́ра заме́ст учы́нкаў няха́й залі́чана бу́дзе мне, Бо́жа мой, бо Ты зусі́м не зно́йдзеш учы́нкаў, якія апраўда́юць мяне́. Але той ве́ры маёй няха́й дастатко́ва бу́дзе заме́ст усіх іх, яна няха́й адка́звае, яна няха́й апраўда́е мяне́, яна няха́й зро́біць мяне ўдзе́льнікам ве́чнай слаа́вы Тваёй. Каб не вы́краў мяне́ сатана́ і не пахвалі́ўся, Сло́ва, што ён забра́ў мяне́ з Тваёй рукі́ і зпад Тваёй ахо́вы. Але ці хачу́, ці не хачу́, спасі́ мяне́, Хрысце́ Спасіі́целю мой, паспяшы́ ско́ра, бо ху́тка загі́ну: Ты ж Бог мой ад уло́ння ма́ці маёй. Спадо́бі мяне́, Го́спадзі, цяпе́р узлюбі́ць Цябе́, як не́калі я любі́ў той са́мы грэх; і ўжо служы́ць Табе́ без ляно́ты шчы́ра, як я служы́ў ране́й сатане́ лжы́ваму. Лепш бу́ду служы́ць Табе́, Го́спаду і Бо́гу майму́ Іісуу́су Хрысту́, ва ўсе дні жыцця́ майго́, цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітва 9я, да Ангела Ахоўніка
Святы́ А́нгеле, паста́ўлены ахо́ўваць маю́ бе́дную душу́ і няшча́снае жыццё, не пакі́нь мяне́, грэ́шнага, і не адступі́ ад мяне́ за няўстры́манасць маю́. Не дай магчы́масці зло́му дю́ману авало́даць мно́ю праз перава́гу гэ́тага смяро́тнага це́ла; вазьмі́ мо́цна гаро́тную і кво́лую руку́ маю́ і вы́вядзі мяне́ на шлях спасе́ння. О, святы́ А́нгеле Бо́жы, ахо́ўнік і засту́пнік бе́днай маёй душы́ і це́ла, усё мне праба́ч, чым я знява́жыў цябе́ ва ўсе дні жыцця́ майго́ і, калі́ я чым саграшы́ў у гэ́тую міну́лую ноч, абарані́ мяне́ ў цяпе́рашні дзень; і захава́й мяне́ ад уся́кае спаку́сы варо́жае, каб я нія́кім грахо́м не ўгняві́ў Бо́га; і малі́ся за мяне́ Го́спаду, каб Ён умацава́ў мяне́ ў стра́ху Сваі́м і зрабі́ў мяне́ рабо́м, дасто́йным Сваёй до́брасці. Амі́нь.
Малітва 10я, да Прасвятой Багародзіцы
Прасвята́я Улады́чыца мая́, Багаро́дзіца, святы́мі Тваі́мі і ўсёмагу́тнымі малі́твамі адгані́ ад мяне́, пако́рлівага і няшча́снага раба́ Твайго́, марко́ту, няпа́мятлівасць, неразу́мнасць, нядба́йнасць і ўсе нячы́стыя, злы́я і кашчу́нскія ду́мкі з бе́днага майго́ сэ́рца і з азмро́чанага ро́зуму майго́; і пагасі́ по́лымя страсце́й маіх, бо я ўбо́гі і няшча́сны. l пазба́ў мяне́ ад шматлі́кіх згу́бных успамі́наў і наме́раў, і ад усіх учы́нкаў злых вы́звалі мяне́. Бо Цябе благаслаўля́юць усе ро́ды, і сла́віцца найпачэ́снейшае імя́ Тваё на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
Малітвены зварот да святога, імя якога носіш
Малі́ Бо́га за мяне́, святы́ ўго́днік Бо́жы (імя), бо я шчы́ра да цябе звярта́юся, ско́рага памо́чніка і малі́твенніка за душу́ маю́.
Песня да Прасвятой Багародзіцы
Багаро́дзіца Дзе́ва, ра́дуйся, Благада́тная Мары́я, Гаспо́дзь з Табо́ю; благаславёная Ты сяро́д жанчы́н і благаславёны плод уло́ння Твайго́, бо Ты нарадзі́ла Спасі́целя душ на́шых.
Трапар Крыжу і малітва за Бацькаўшчыну
Спасі́, Го́спадзі, людзей Тваіх і благаславі спадчыну Тваю, перамо́гу праваслаўным хрысціянам над праціўнікамі даючы і Тваім Крыжам ахо́ўваючы наро́д Твой.
Малітва за жывых
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй айца́ майго́ духо́ўнага (імя), бацько́ў маіх (імёны), сваяко́ў (імёны), нача́льнікаў, наста́ўнікаў, дабрадзе́яў (імёны іхнія) і ўсіх правасла́ўных хрысція́н.
Малітва за спачылых
Упако́й, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваі́х: бацько́ў маі́х, сваяко́ў, дабрадзе́яў (імёны іх), і ўсіх правасла́ўных хрысція́н і праба́ч ім усе саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, і пада́й ім Ца́рства Нябе́снае.
Калі можаш, чытай замест кароткіх малітваў за жывых і спачылых наступны памяннік:
За жывых
Памяні́, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Бо́жа наш, міі́ласці і шчо́драсці Твае́ адве́чныя, з‑за які́х Ты і стаў чалаве́кам, і распя́цце і смерць дзе́ля спасе́ння тых, хто пра́вільна ве́руе ў Цябе́, перацярпе́ць пажада́ў; і, уваскрэ́снуўшы з мёртвых, Ты ўзнёсся на нябёсы і сядзі́ш правару́ч ад Бо́га Айца́, і прыхі́льна прыма́еш пако́рлівыя малі́твы тых, хто ўсім сэ́рцам клі́ча Цябе́; прыхілі́ ву́ха Тваё і пачу́й пако́рлівую малі́тву маю́, недасто́йнага раба́ Твайго́, які прыно́сіць яе́ Табе́, як пах во́дару духо́ўнага, за ўсіх людзе́й Тваі́іх. l найпе́рш памяні́ Царкву́ Тваю́ Святу́ю, Сабо́рную і Апо́стальскую, якую здабы́ў Ты пачэ́снаю Сваёю Крывёю; і сцве́рдзі яе́, і ўмацу́й, і пашы́р, памно́ж, заміры́, і захава́й наве́к неперамо́жнаю варо́тамі пяке́льнымі; нязго́ду памі́ж Цэ́рквамі ўціхамі́р, гане́нні ад язы́чнікаў загасі́, і ўзнікне́нню е́расяў ху́тка перашко́дзь і вы́карані іх, і ў нішто́ сі́лаю Свято́га Твайго́ Ду́ха ператвары́. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй Бо́гам сцеражо́ную краі́ну на́шу, ула́ды і во́інства яе́, каб нам ве́сці ці́хае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй Вялі́кага Спадара́ і Айца́ на́шага Свяце́йшага Патрыя́рха Кіры́ла і Экза́рха яго́ Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага мітрапалі́та Філарэ́та, праасвяшчэ́нных мітрапалі́таў, архіепі́скапаў і епі́скапаў правасла́ўных, а такса́ма іерэ́яў і дыя́канаў і ўвесь прычт царко́ўны, які Ты паста́віў па́свіць духо́ўнае Тваё ста́да, і малі́твамі іх памі́луй і спасі́ мяне́, грэ́шнага. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй айца́ майго́ духо́ўнага (імя яго), і святы́мі яго́ малі́твамі праба́ч мае́ саграшэ́нні. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй бацько́ў маі́х (імёны іх), брато́ў і сясцёр, і сваяко́ў маі́х па пло́ці, і ўсіх блі́жніх ро́ду майго́, і сябро́ў, і дай ім Твае́ зямны́я і нябе́сныя дабро́ты. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй стары́х і малады́х, убо́гіх і сіро́т, і ўдоў, хво́рых і засму́чаных, тых, што ў бядзе́ і ў няшча́сці, пад уці́скам і ў няво́лі, а такса́ма ў цямні́цах і ссы́лках, асаблі́ва ж рабо́ў Тваі́х, які́я за Цябе́ і ве́ру правасла́ўную прасле́дуюцца бязбо́жнымі язы́чнікамі і ератыка́мі, — памяні́ іх, наве́дай, умацу́й, уце́ш і ско́ра сілаю Тваёю палёгку, вызвале́нне і выратава́нне ім пада́й. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй пасла́ных на слу́жбу, падаро́жных айцо́ў і брато́ў нашых, і ўсіх правасла́ўных хрысція́н. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй тых, каго́ я па неразу́мнасці сваёй спакусі́ў і са шляя́ху спасі́цельнага звёў, да ўчы́нкаў злых і гане́бных прывёў; Бажэ́ственным Тваі́м Про́мыслам на шлях спасе́ння зноў іх вярні́. (Паклон)
Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй тых, што ненаві́дзяць і кры́ўдзяць мяне́, і напада́юць на мяне́, і не дай ім згі́нуць з‑за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)
Тых, што ад правасла́ўнай ве́ры адступі́лі і пагі́бельнымі е́расямі асле́пленыя, прасвятлі́ святло́м пазна́ння Цябе́ і да Свято́й Тваёй Апо́стальскай Сабо́рнай Царквы́ далучы́. (Паклон)
За спачылых
Памяні́, Го́спадзі, тых, што з жыцця́ гэ́тага адышлі́, свяце́йшых патрыя́рхаў, праасвяшчэ́нных мітрапалі́таў, архіепі́скапаў і епі́скапаў правасла́ўных, а такса́ма тых, што паслужы́лі Табе́ ў іерэ́йскім са́не і ў царко́ўным пры́чце, і ў мана́шаскім чы́не, і ў ве́чных Тваі́х сялі́бах са святы́мі іх упако́й. (Паклон)
Памяні́, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваі́х: бацько́ў маі́х (імёны іх) і ўсі́х сваяко́ў па пло́ці; і праба́ч ім усе́ саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, пада́й ім Ца́рства і далучэ́нне да ве́чных Тваі́х дабро́т, і Твайго́ бяско́нцага блажэ́ннага жыцця́ асало́ду. (Паклон)
Памяні́, Го́спадзі, і ўсіх спачы́лых з надзе́яй на ўваскрасе́нне і жыццё ве́чнае айцо́ў і брато́ў на́шых, і сясцёр, і тых, што тут ляжа́ць і ўсю́ды, правасла́ўных хрысція́н, і са святы́мі Тваі́імі, дзе ззя́е святло́ аблі́чча Твайго́, усялі́ іх, і нас памі́луй, як До́бры і Чалавекалю́бны. Амі́нь. (Паклон)
Пада́й, Го́спадзі, адпушчэ́нне грахо́ў усі́м, які́я ране́й адышлі́ з ве́рай і надзе́яй на ўваскрасе́нне, айца́м, брата́м і сёстрам на́шым, і ствары́ ім ве́чную па́мяць. (Тройчы)
Малітва апошніх Опцінскіх старцаў
Го́спадзі, дай мне з душэ́ўным спако́ем сустрэ́ць усё, што прынясе́ мне сённяшні дзень. Дай мне ца́лкам адда́цца во́лі Тваёй свято́й. У ко́жную пару́ гэ́тага дня ва ўсім накіру́й і падтрыма́й мяне́. Якія б я не атрыма́ў зве́сткі на праця́гу дня, навучы́ мяне́ прыня́ць іх са спако́йнай душо́ю і цвёрдай упэ́ўненасцю, што на ўсё свята́я во́ля Твая́.
Ва ўсіх сло́вах і спра́вах маіх кіру́й маімі ду́мкамі і пачу́ццямі. Ва ўсіх непрадба́чаных вы́падках не дай мне забы́ць, што ўсё пасла́на Табо́ю.
Навучы́ мяне́ шчы́ра і разу́мна абыхо́дзіцца з ко́жным чле́нам сям’і маёй, ніко́га не бянтэ́жачы і не засмуча́ючы.
Го́спадзі, дай мне сілу перане́сці сто́му сённяшняга дня і ўсе падзе́і на праця́гу дня. Кіру́й маёю во́ляю і навучы́ мяне малі́цца, ве́рыць, спадзява́цца, цярпе́ць, прабача́ць і любі́ць. Амі́нь.
Малітва іерасхіманаха Парфенія Кіеўскага
Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, не дапусці́, каб мітуслі́васць, самалю́бства, пачуццёвасць, нядба́йнасць, гнеў панаваа́лі нада мно́ю і выкрада́лі мяне́ ў любо́ві Тваёй… О, Го́спадзі, Ствары́целю мой, усё спадзява́нне маё! Не пакінь мяне без удзе́лу ў блажэ́ннай ве́чнасці; зрабі так, каб і я пасле́даваў свято́му пры́кладу Твайму, быў пако́рны ўла́дам, нада мно́ю паста́ўленым; дай мне тую чысціню́ ду́ху, тую прастату́ сэ́рца, якія ро́бяць нас дасто́йнымі любо́ві Тваёй.
Да Цябе, о Бо́жа мой, узно́шу душу́ і сэ́рца маё: не дай загі́нуць стварэ́нню Твайму, а пазба́ў мяне ад адзі́нага і найвялі́кшага зла — граху́. Зрабі, Го́спадзі, так, каб я перано́сіў з тако́й са́май цярплі́васцю хвалява́нні і скру́хі душэ́ўныя, з яко́ю ра́дасцю прыма́ю ўце́хі сардэ́чныя. Калі Ты хо́чаш, Го́спадзі, — мо́жаш ачы́сціць і асвяці́ць мяне́. Вось, аддаю́ сябе Тваёй до́брасці з про́сьбаю вы́нішчыць ува мне ўсё супраці́ўнае Табе́ і далучы́ць да лі́ку выбра́ннікаў Тваіх.
Го́спадзі, адымі́ ад мяне́ бяздзе́йнасць ду́ху, якая марну́е час; мітуслі́васць ду́мак, якая перашкаджа́е Тваёй прысу́тнасці і рассе́йвае маю́ ўва́гу ў час малі́твы; і калі на малі́тве я ўхіля́юся ад Цябе́ сваімі ду́мкамі, то памажы́ мне, каб гэ́тая рассе́янасць не была́ наўмы́снай, і, ухіля́ючы ро́зум, каб не адвярну́ў я сэ́рца сваё ад Цябе.
Вызнаю́ пе́рад Табо́ю, Го́спадам Бо́гам маім, усе грахі́ майго́ беззако́ння, цяпе́р і ране́й учы́неныя пе́рад Табо́ю: адпусці́ мне іх дзе́ля імя́ Твайго́ свято́га, і спасі́ душу́ маю́, яку́ю Ты адкупі́ў кашто́ўнаю Крывёю Тваёю. Аддаю́ сябе́ міласэ́рнасці Тваёй, аддаю́ся во́лі Тваёй, рабі́ са мно́ю паво́дле до́брасці Тваёй, а не паво́дле зласлі́васці і беззако́ння майго́. Навучы́ мяне́, Го́спадзі, размярко́ўваць свае́ спраа́вы так, каб яны садзе́йнічалі праслаўле́нню Твайго́ свято́га імя́.
Змі́луйся, Го́спадзі, над усімі хрысція́намі; пачу́й жада́нне ўсіх, хто клі́ча Цябе, пазба́ў ад уся́кага зла, спасі́ рабо́ў Тваіх (імёны), пашлі́ ім ра́дасць, уце́ху ў журбе́ і мі́ласць Тваю святу́ю. Го́спадзі! Малю́ Цябе асаблі́ва за тых, хто мяне́ чымнебудзь пакры́ўдзіў і засмуці́ў або́ якоене́будзь зло ўчыні́ў мне: не кара́й іх за мяне́, грэ́шнага, а вылі́ на іх до́брасць Тваю…
Го́спадзі, малю́ Цябе за ўсіх, каго́ я, грэ́шны, засмуці́ў, пакры́ўдзіў або́ спакусі́ў сло́вам, учы́нкам, ду́мкаю, наўмы́сна ці незнаро́к. Го́спадзі Бо́жа! Дару́й нам на́шы ўзае́емныя кры́ўды; вы́гані, Го́спадзі, з сэ́рцаў на́шых усяля́кае абурэ́нне, падазрэ́нне, гнеў, злапа́мятнасць, сва́ркі і ўсё то́е, што мо́жа перашкаджа́ць любо́ві і змянша́ць браталю́бства.
Памі́луй, Го́спадзі, тых, якія даручы́лі мне, грэ́шнаму, недасто́йнаму, маліі́цца за іх! Памі́луй, Го́спадзі, ко́жнага, хто про́сіць Тваёй дапамо́гі. Го́спадзі! Зрабі́ гэ́ты дзень днём міласэ́рнасці Тваёй, пада́й ко́жнаму паво́дле про́сьбы яго́; будзь па́стырам тых, што заблудзі́лі, правадыро́м і святло́м для недасве́дчаных, наста́ўнікам для неразу́мных, ба́цькам для асіраце́лых, памо́чнікам для прыгне́чаных, ле́карам для хво́рых, суцяша́льнікам для тых, што пры смерці, і прывядзі́ нас усіх да жада́нага канца́ — да Цябе, прыста́нішча на́шага і блажэ́ннага ўпакае́ння. Амі́нь.
Заканчэнне малітваў
Дасто́йна ёсць сапраўды́ ўблажа́ць Цябе, Багаро́дзіцу, заўжды́ блажэ́нную і найчысце́йшую і Ма́ці Бо́га на́шага. Пачэ́снейшую за Херуві́маў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафі́маў, што непару́шанаю нарадзі́ла Бо́га Сло́ва, І́сную Багаро́дзіцу, Цябе веліча́ем.
Ад Пасхі да Узнясення замест «Дастойна ёсць» пяецца:
Ангел ускліка́ў Благада́тнай: Чы́стая Дзе́ва, ра́дуйся! l зноў кажу́: ра́дуйся, Твой Сын уваскрэ́с на трэ́ці дзень з гро́бу, і мёртвых узняў Ён, лю́дзі, весялі́цеся.
Свяціся, свяціся, но́вы Іерусаліме, сла́ва бо Гаспо́дняя на табе́ заззя́ла. Ліку́й сёння і весялі́ся, Сіёне. Ты ж, Чы́стая, ра́дуйся, Багаро́дзіца, аб Уваскрасе́нні Наро́джанага Табо́й.
Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амінь.
Го́спадзі, памілуй. (Тройчы)
Го́спадзі, Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малітваў Прачы́стай Тваёй Ма́ці, прападо́бных і багано́сных айцо́ў на́шых і ўсіх святы́х, памі́луй нас. Амі́нь.